ВІ́ЦЕБСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў,
Таварыства віцебскіх урачоў. Дзейнічала ў Віцебску ў 1874—1941. У 1876 налічвала 41 чал. Напачатку займалася пытаннямі сан.-гігіенічнага стану Віцебска. Пратаколы т-ва ў 1877—78 друкаваліся ў «Витебских губернских ведомостях» і выдаваліся асобнымі адбіткамі. У 1917 т-ва пераўтворана ва ўрачэбную секцыю саюза «Усерасійская медыка-санітарная праца» («Усемедсанпраца»), потым у акруговае аддз. саюза. У 1925 пры аддз. створаны навук. гурток. З 1926 у лячэбных установах горада створаны па спецыяльнасцях урачэбныя секцыі, якія ў 1935 пасля адкрыцця кафедраў Віцебскай бальніцы-медінстытута аб’ядналіся ў навукова-мед. т-ва. Яно імкнулася далучыць мясц. урачоў да навук. працы і палепшыць мед. абслугоўванне горада і бліжэйшых раёнаў. Аб’ядноўвала супрацоўнікаў мед. ін-та, у т. л. 27 прафесараў і дацэнтаў і 302 асістэнты (1941). Спыніла існаванне ў сувязі з пачаткам Вял. Айч. вайны. З 1944 дзейнічаюць абласныя спецыялізаваныя мед. навук. т-вы.
А.П.Малчанаў.
т. 4, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)